Запрашаем на экскурсіі Фэста за мяжой!

Запрашаем на экскурсіі Фэста за мяжой!

Фэст экскурсаводаў 2018 за мяжой

Сёлета Фэст экскурсаводаў як ніколі сягнуў у бліжняе і далёкае замежжа. Таму, калі наступныя выхадныя вы планавалі правесці ў Вільні, Львове, Даўгаўпілсе, Беластоку, Варшаве, Празе, Мадрыдзе – далучайцеся да Фэста там! Прадстаўляем вам анонс бясплатных экскурсій, якія пройдуць 21 – 22 красавіка за мяжой.

У “Вандроўку па гістарычным Мадрыдзе” 21 красавіка запрашае Ларыса Малышава. Вы зможаце даведацца, як беларуская гісторыя звязана з іспанскай сталіцай, а таксама пазнаёміцца з іншымі цікавінкамі Мадрыда. Пачнецца экскурсія а 18.30 ад помніка Філіпу IV ля Каралеўскага палаца (Monumento de Felipe IV, Plaza de Oriente, Palacio Real).

22 красавіка а 12.00 распачнецца вандроўка “Жанчыны беларускай Вільні”, прысвечаная жыццю і дзейнасці беларусак, якія жылі і працавалі ў Вільні ў канцы 19 – пачатку 20 стагоддзя. Экскурсавод Юлія Батура будзе чакаць ахвотных на плошчы Вінцаса Кудзіркі (Vinco Kudirkos aikštė).

Яшчэ адна віленская экскурсія адбудзецца 22 красавіка а 17.00. Паўліна Вітушчанка распавядзе пра “Сляды Базылішка і яго сяброў”. Шпацыр распачнецца ад Вострай брамы (Aušros Vartai).

“Вуліцамі старога Львова” 22 красавіка экскурсантаў правядзе Андрэй Кусій. Вандроўка пройдзе праз месцы, звязаныя з вядомымі беларусамі, падчас яе двойчы сустрэнецца герб “Пагоня”, і, натуральна, экскурсавод пакажа сучасныя амаль культавыя месцы горада (“Майстерня шоколаду”, “Криївка”, “Дім Легенд”, “Дзига”, “Вірменка”…) Дарэчы, этнічны ўкраінец, Андрэй Кусій будзе весці расповед па-беларуску, каб паказаць, што нават замежніку не складана выучыць беларускую мову і на ёй размаўляць. Пачнецца шпацыр а 15-ай на Плошчы Рынак (з боку увахода ў Ратушу).

З “Беларускай спадчынай Варшавы” можна будзе пазнаёміцца 22 красавіка а 12-ай гадзіне. Правядзе экскурсію вядомы беларускі гід і журналіст Віктар Корбут. Вы даведаецеся пра лёсы многіх знакамітых беларусаў, звязаных з сучаснай сталіцай Польшчы. Пачатак экскурсіі па адрасе Aleja Solidarności 52.

Каму гэтага падасца мала, 22 красавіка а 16.00 можна будзе працягнуць знаёмства з перыпетыямі беларуска-польскай гісторыі ў Варшаве. На шпацыр па мясцовых каталіцкіх могілках Павонзкі “Лёсам звязаныя з Беларуссю” запрашае Таццяна Казак, экскурсія пачнецца ад брамы святой Ганараты. Пры жаданні можна ўзяць з сабой свечы і кветкі. Даехаць да могілак можна аўтобусам №180.

Пра лёс “Беларусаў у міжваеннай Празе” 22 красавіка распавядзе Павел Котаў. Экскурсія пазнаёміць з пражскімі мясцінамі, звязанымі з жыццём беларускай грамады ў Чэхславаччыне ў 1918-1945 гг. Пачатак экскурсіі ў 11.00 ад I. P. Pavlova (каля KFC).

А агляд “Архітэктуры сярэднявечнай і сучаснай Прагі” зробіць Галіна Навумчык. Прага – адзін з нешматлікіх еўрапейскіх сталічных гарадоў, які захаваў на сваіх вуліцах сапраўдныя аб’екты (дамы, фрэскі, парталы, сады). Экскурсія таксама адбудзецца 22 красавіка а 16-ай гадзіне, пачатак на Старамесцкай плошчы ля помніка Яну Гусу.

Усцешвае, што ў замежжы Фэст экскурсаводаў не скончыцца 22 красавіка. Каб працягнуць адчуванне п’янкага смаку вандровак, ахвотных запрашаюць 29 красавіка наведаць “Беларускі Беласток”. Экскурсію правядзе Аляксей Трубкін, пачатак а 12.00 ля ўвахода ў музей Ратушы (Rynek Kościuszki 10).

  • 9
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Пакінуць каментар

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *