Рэгіянальныя вандроўкі Фэста экскурсаводаў, якія нельга прапусціць

Рэгіянальныя вандроўкі Фэста экскурсаводаў, якія нельга прапусціць

Фэст экскурсаводаў 2018 экскурсіі ў рэгіёнах

Як сярод соцень унікальных маршрутаў Фэста экскурсаводаў выбраць нешта такое, каб сапраўды ўразіла і засталося ў памяці? Мы сабралі для вас самыя рэдкія экскурсіі па ўсёй краіне, на якія звычайна не трапіш – у саміх слінкі цякуць!

Мінская вобласць

21 красавіка а 13 гадзіне запрашаем наведаць экскурсію “Гартаючы старонкі гісторыі Слуцка: архітэктурная і гістарычная спадчына”. Экскурсавод Марына Мірончык пазнаёмiць слухачоў з багатым гiстарычным мiнулым аднаго з найстаражытных гарадоў Беларусi, у якiм захавалiся помнiкi архiтэктуры XVII-XIX ст., а таксама нарадзiлiся славутыя легендарныя жыхары. Запрашаем у Слуцк – горад з найстаражытнай навучальнай установай, на радзiму Слуцкага пояса, “слуцкай бэры”, горад з невычэрпнымi крынiцамi духоўнага багацця ўсёй краiны. Месца пачатку: Масток каля Палаца культуры (былая Замкавая горка).

Таксама 21 красавіка з 10.00 да 14.00 раім наведаць вёсачку Плябань у Маладзечанскім раёне. Тут пройдзе захапляльная гісторыка-літаратурная гульня “КАНФЕДЭРАТКА – 2018”, якую падрыхтавалі Воля Сямашка, Ала Ліхтаровіч і Алесь Мазанік. Гульня прымеркавана на Дня памяці паўстанцаў 1863 г., пахаваных на могілках у в. Плябань. Дадаткова запланавы сюрпрызы і паўстанцкі стол. Месца пачатку: 10.00 збор удзельнікаў ля магілы паўстанцаў: агульнае ўскладанне кветак, ганаровая варта паўстанцаў, слова аб паўстанцах. 10-20: Цэнтр традыцыйнай культуры і побыту Плябані. Каманды па 4 чалавекі кожная адказваюць на пытанні, датычныя гісторыі паўстання і герояў Беларусі 1863-64 гг., літаратуры аб тых падзеях, а таксама спецтур, прымеркаваны да Году малой Радзімы;).

21 красавіка ў 14.00 у а.г. Пясочнае адбудзецца экскурсія “Электрычны чалавек”: погляд у мінулае сядзібы Наднёман і яе гаспадара Якуба Наркевіча-Ёдкі”. Краязнаўца Генадзь Ермак распавядзе, як Пан Якуб, празваны ў народзе “электрычным чалавекам”, прыспешваючы свае думкі, стварае фантастычную лабараторыю электраграфіі… Дзіўны кумыса-лячэбны адпачынак ва ўласным санаторыі… Месца вялікіх адкрыццяў вучонага Наркевіча-Ёдкі ў XIX стагоддзі, дзе яго гаспадар пражыў самыя шчаслівыя хвіліны свайго жыцця. Месца пачатку: брама ў в. Наднёман Уздзенскага раёна (магчыма, па ўзгадненні з жадаючымі, з аўтавакзала горада Узда. Тады заканчэнне экскурсіі ва Уздзе).

Калі нехта не зможа трапіць у Наднёман 21 красавіка, то 22 красавіка а 12-ай гадзіне экскурсавод Аляксандр Нікітка правядзе вандроўку “Наднёман – родина Наркевича-Иодко”. Шпацыр прадугледжвае экскурсію па сядзібе Наркевіча-Ёдкі Наднёман, знаёмства з гісторыяй роду Наркевічаў-Ёдкаў і працамі па аднаўленні маёнтка, наведванне фамільнага пахавання. Месца пачатку: каля ўваходнай брамы ў палацава-паркавы комплекс в. Наднёман Уздзенскі р-н.

21 красавіка ў 11.00 у Стоўбцах пройдзе экскурсія “Стоўбцы як першая станцыя Заходняй Еўропы”. Канстанцін Нашчынец распавядзе пра цікавыя і захапляльныя, а таксама малавядомыя старонкі гісторыі чыгуначнай станцыі ў Стоўбцах, росквіт кантрабанды, шпіянаж, а таксама пазнаёміць з вядомымі панамі і паненкамі ў невялічкім мястэчку. Месца пачатку: чыгуначная станцыя Стоўбцы.

А пазнаёміцца з “Даваеннай архітэктурай Стоўбцаў” можна будзе 22 красавіка аб 11-ай гадзіне. Да Другой сусветнай вайны Стоўбцы былі памежным горадам, у гэты час і адбылася яго разбудова. Пра гістарычны лёс будынкаў і будзе весці гаворку падчас экскурсіі Людміла Назаранка. Месца пачатку: будынак пошты, вул.Сацыялістычная, 21.

21 красавіка ў 18.30 ахвотныя змогуць здзейсніць рамантычны шпацыр па “Маленькім Парыжы” – менавіта так экскурсавод Кацярына Казлова называе Нясвіж. Які ён, Нясвіж другой паловы 19 стагоддзя? Што стала прычынай аднаўлення “самай шляхетнай рэзідэнцыі”? Хто надаў другі подых навакольным тэрыторыям? І самае галоўнае, чаму называлі гэты горад “маленькім Парыжам”? Літаральна за паўстагоддзя горад набывае новую веліч і прыгажосць, а якім чынам гэта ўсё адбылося – паспрабуем даведацца на невялічкай вандроўцы. Месца пачатку: Нясвіжскі замак. Перад уваходам у замак экскурсія па парку.

Яшчэ адна вандроўка “Несвиж: история веков” адбудзецца 22 красавіка ў 11.00. Экскурсія па горадзе Нясвіжы перанясе вас на некалькі стагоддзяў назад. Вы ўбачыце архітэктурныя збудаванні даўніх часоў, палацава-паркавы ансамбль – рэзідэнцыю Радзівілаў, фарны касцёл, гарадскую ратушу і шэраг іншых будынкаў. Даведаецеся, чаму Нясвіж – калыска тэатра, музыкі, кнігадрукавання, асветніцтва. Экскурсія Генадзя Ермака будзе праходзіць на гістарычнай частцы горада (цэнтральнай і паўночна-ўсходняй) і тэрыторыі паркаў. Працягласць пешаходнага маршруту складае каля 2-х кіламетраў. Месца пачатку: пляцоўка з помнікам Сымону Буднаму (скверык насупраць плябаніі).

Даведацца пра “Пухавіцкія цікавосткі” запрашае Наталля Ільініч 21 красавіка ў 12.00. Экскурсанты наведаюць цікавыя мясціны ў г. Мар’іна Горка (урочышча Мар’іна Гара на беразе Цітаўкі, сядзібны дом Макава, касцёл св. Антонія, царкву А. Неўскага), пераедуць у Блонь, дзе агледзяць Траецкую царкву і дом Бонч-Асмалоўскіх, потым накіруюцца на Папову Горку — месца гібелі пухавіцкіх яўрэяў. Канцавы пункт — мястэчка Пухавічы, дзе захавалася забудова сярэдзіны 20 ст. і рэшткі яўрэйскіх могілак. Месца пачатку: чыгуначны вакзал Пухавічы.

22 красавіка ў 11.00 Наталля Ільініч запрашае на роварную экскурсію “Талька і наваколлі”. Да ўвагі экскурсантаў – мястэчка Талька, Коласавы мясціны, крыніца Кіпячка ці Сарафінава гара — месца касцёла св. Антонія. Месца пачатку: чыгуначная станцыя Талька.

Настасся Сярболіна 21 красавіка ў 12.00 прапануе наведць “Фальварак Ракуцёўшчына – мясціну натхнення Максіма Багдановіча”. Пад час экскурсіі вы не толькі пазнаёміцеся з жыццём і творчасцю М.Багдановіча, але і даведаецеся аб тым, які ўплыў на творчасць паэта зрабіла паездка на Радзіму. Адметнасцю экскурсіі з’яўляецца вандроўка ў мінулае, якая дае магчымасць на нейкі час акунуцца ў атмасферу беларускай вёскі XX стагоддзя, пазнаёміцца з укладам сялянскага жыцця, прыладамі працы таго часу, адчуць атмасферу жыцця і кола інтарэсаў гаспадароў фальварка, адчыніць дзверы і зайсці ў Дамок арандатара, дзе два месяцы жыў і тварыў беларускі пясняр. Месца пачатку: Каля ўваходу ў сядзібу (з Мінска электрычка ў 11-10 да ст. Уша, з Маладзечна ў 11-20).

Экскурсію “Военные действия в Острошицком городке. История 100-й стрелковой дивизии и 5 гвардейской танковой армии“ 21 красавіка ў 14.00 правядзе Дар’я Мышкавец. Астрашыцкі Гарадок – адзіны ў нашай краіне сельскі населены пункт, узнагароджаны вымпелам “За мужнасць i стойкасць у гады Вялiкай Айчыннай вайны”. Гэта было зроблена ў гонар гераізму воінаў Чырвонай Арміі, партызан, падпольшчыкаў, якія змагаліся з нямецка-фашысцкімі захопнікамі. Бо літаральна праз чатыры дні пасля нападу гітлераўцаў на СССР Астрашыцкі Гарадок стаў месцам жорсткіх баёў. Тут праходзіла адна з абарончых ліній беларускай сталіцы. Месца пачатку: прыпынак “Скрыжаванне”, каля танка. З Мінска можна даехаць маршруткамі Мінск-Лагойск (№1198), Мінск – Астрашыцкі Гарадок (№1554), аўтобус №251 Мінск – Лагойск да прып. Скрыжаванне.

“В гости к минскому воеводе” ў в. Сёмкава 22 красавіка ў 11.00 запрашае Настасся Пяргаева. Вы наведаеце палацава-паркавы комплекс Сёмкава, убачыце ўнікальную памятную пліту ў гонар бацькоў апошняга мінскага ваяводы Адама Хмары, пачуеце радкі паэмы Міхала Дудзінскага “Палац у Сёмкава”, даведаецеся, што Сёмкава шчыльна звязана з жыццём і дзейнасцю народных пісьменнікаў Я.Коласа і Я.Купалы. Месца пачатку: уваходная брама сядзібы ў Сёмкаве.

Гродзенская вобласць

21 красавіка ў 11.30 Ганна Свістун прапануе экскурсію “Ізабелін: вандроўка ў мінулае, цяперашняе і будучае”. Усе ахвотныя разам з экскурсаводам і ўдзельнікамі літаратурна – краязнаўчага гуртка “Чароўная карусель” зазірнуць у мінулае мястэчка, дакрануцца да гісторыі, здзейсняць гісторыка- краязнаўчы экскурс у мінулае Ізабелінскага краю. Наведаем касцёл Святых Пятра і Паўла, Храм Святога Архангела Міхаіла, сустрэнемся са светарамі, дакранемся да гісторыі. Месца пачатку: Ізабелінская сельская бібліятэка (з Ваўкавыска аўтобус Гродна-Пінск у 11-20).

Гомельская вобласць

21 красавіка ў 16.00 краязнаўца Яўген Малікаў запрашае наведаць экскурсію “Кімбараўскі мужчынскі кляштар ордэна цыстэрцаў у Мазыры: невядомыя аскепкі былой барочнай велічы”. Наведвальнікі пашпацыруюць па будынках былога Кімбараўскага цыстэрскага мужчынскага кляштара, узведзенага ў стылі барока (заснаваны ў 1711 г., за савецкім часам і да 2011 г. – мэблевая фабрыка). Месца пачатку: г. Мазыр, вул. Гогаля, 61. Дабрацца можна аўтобусам № 9 ад пл.Прымаставой (ехаць да прыпынку “Старое Гарадзішча”).

21 красавіка а 13.30 у г.п. Красны Бераг гід Марыя Ткачова правядзе экскурсію “Жемчужина Гомельщины”. Цягам экскурсіі можна будзе пазнаёміцца з сядзібным домам 19 стагоддзя Козел-Паклеўскіх, гісторыяй сям’і ўладальнікаў, побытам дваран. Месца пачатку: Красны Бераг, вул. Ісаева, 14, сядзібны дом 19 стагоддзя Козел-Паклеўскіх.

Брэсцкая вобласць

22 красавіка аб 11-ай гадзіне адбудзецца экскурсія “Пинск. История в лицах” ад Таццяны Хвагінай. Вандроўка пройдзе па тых раёнах і вуліцах Пінска, якія не ўваходзяць у традыцыйныя маршруты гарадскіх экскурсій. Удзельнікі даведаюцца пра асоб, у гонар якіх названыя вуліцы горада, а таксама пра тое, як Пінск звязаны з каралевай Бонай, Альбрэхтам Радзівілам, Адамам Нарушэвічам і многімі іншымі. Месца пачатку: плошча Леніна, насупраць увахода ў Музей Беларускага Палесся.

Магілёўская вобласць

22 красавіка ў 11.00 Дар’я Эверс запрашае ў “Путешествие по малой Родине” ў вёску Судзілы Клімавіцкага раёна. Пад час экскурсіі ёсць магчымасць даведацца пра гісторыю в.Судзілы, пра лёс царквы і сельскай школы, жыццё баброў на рацэ Лабжанка. Экскурсантаў таксама чакае знаёмства з краязнаўцам А.М.Галкоўскім. У праграме майстар-клас па вырабе паясоў, валёнак і знаёмства з пчальніком. Месца пачатку: в. Судзілы, вул.Садовая, ля будынка крамы.

Пра “Жемчужину г. Климовичи” 21 красавіка ў 11.00 распавядзе Наталля Банышэўская. Размова пойдзе пра гісторыю ўзнікнення гарадскога парка, якому каля 150 гадоў. Месца пачатку: г. Клімавічы, вул. Савецкая, 69.

Яшчэ адна вандроўка “Гордость и слова земли Климовичской” ад Уладзіслава Міцічава адбудзецца 21 красавіка ў 12.00. Экскурсія будзе праходзіць у экспазіцыйных залах раённага музея. Размова пойдзе пра лёсы знакамітых ураджэнцаў Клімавіцкага раёна. Месца пачатку: г.Клімавічы, вул. Савецкая, 69.

Ніна Сакава запрашае наведаць вёску Свіслач у Асіповіцкім раёне. Экскурсія з амбітнай назвай “Свіслач як цэнтр гісторыка-культурнай спадчыны Беларусі” адбудзецца 22 красавіка ў 11.00. Наведнікі ўбачаць Свiслач як гарадзiшча, сярэднявечны горад, мястэчка, пазнаёмяцца з архiтэктурай былой Свiслачы і даведаюцца пра адмiнiстрацыйнае прызначэнне населенага пункта як цэнтра (княства, воласць, райцэнтр). Месца пачатку: Свіслацкае гарадзішча.

21 красавіка ў в. Сычкава Бабруйскага раёна а 13.00 пройдзе “Экскурсія па залах музея, а таксама на месцы подзвігу М.Р. Селязнёва”. Падчас яе Алёхна Фёдар пазнаёміць вас з экспазіцыйнымі заламі музея (“Этнаграфія Бабруйскага раёна”, “Маўклівыя сведкі мінуўшчыны” (гісторыя Бабруйскага раёна з часоў каменнага века да ХХ-га стагодздзя), “Гісторыі Вялікай Айчынай вайны”), а таксама правядзе да месца подзвігу героя Савецка Саюза М.Р. Селязнёва, брацкай магілы, мемарыяльнага помніка “Курган Славы”. Месца пачатку: УК “Бабруйскі раённы гісторыка-краязнаўчы музей”, Бабруйскі р.-н в. Сычкава, вул. Селязнёва, д.16.

Віцебская вобласць

Квэст-экскурсія “Живые улицы” ад Ганны Лісейцавай пройдзе ў а.г. Акцябрская 21 красавіка ў 10.00. Рухаючыся па маршрутным лісце, удзельнікі праходзяць розныя выпрабаванні і пазнаюць гісторыю аграгарадка. На кожнай кантрольнай «кропцы» выконваюць заданні, якія праводзяць памочнікі, што сустракаюць гульцоў. За выкананне кожнага задання каманда атрымлівае фрагмент карты, якая дапаможа знайсці галоўны прыз. Месца пачатку: ДУ “Віцебскі раённы гісторыка-краязнаўчы музей”. АГ. Акцябрская, вул. Сонечная, 1а.

Яшчэ адна квэст-экскурсія “Уздоўж Лужаснянкі”ад Андрэя Струнчанкі пройдзе ў а.г. Мазалава пачнецца 22 красавіка ў 10.00. Гэта будзе квэст-экскурсія па мясцінах аграгарадка, звязаных з жыццём і дзейнасцю дзяржаўнага і грамадскага дзеяча Віцебшчыны Ігната Антонавіча Манькоўскага, па мясцінах, дзе праходзілі здымкі кінафільма “Чорная бяроза” і іншых. Месца пачатку: мазалаўская сярэдняя школа.

21 красавіка ў 11.00 Ігар Пракаповіч запрашае ў вандроўку “Паставы – сталіца чароўнага краю”. Месца пачатку: плошча, ля помніка Леніну.

  • 47
  • 40
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

2 каментарыя

  1. Хочу зарегистрировать 4 человека на 21апреля экскурсия по Несвижскому замку в 18.30

    1. На гэтую экскурсію рэгістравацца не трэба, прыходзьце.

Пакінуць каментар

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *