Падчас Фэста экскурсаводаў на мінскія вуліцы вярнуліся страчаныя каштоўнасці

Падчас Фэста экскурсаводаў на мінскія вуліцы вярнуліся страчаныя каштоўнасці

Фэст экскурсаводаў Хранасфера

У гэта складана паверыць, але факт: у сталіцы цяпер можна ўбачыць і касцёл Тамаша Аквінскага з кляштарам дамініканцаў, і халодную сінагогу, і палац Чапскіх, і яшчэ з дзясятак іншых страчаных архітэктурных шэдэўраў. Для гэтага дастаткова мець iPhone 6, на які трэба ўсталяваць бясплатны дадатак Chronosphere. Далей усё проста: наводзіце мабільную прыладу на месца, дзе некалі размяшчаўся гістарычны аб’ект, – і вось ён перад вамі.

Вандроўка, якую 20 красавіка ў межах Фэста экскурсаводаў правёў вядомы гісторык Іван Сацукевіч, дужа нагадвала “лоўлю пакемонаў”, што гады з два таму захапіла падлеткаў па ўсім свеце. Збоку карціна выглядала досыць камічна: некалькі шчаслівых уладальнікаў iPhone станавіліся “ў чыстым полі” і кружыліся вакол сябе з выцягнутымі наперад рукамі, у якіх надзейна трымалі свае мабільныя прылады. Астатнія экскурсанты прытанцоўвалі ў іх за спінамі і стараліся зірнуць на экран цераз плячо – і гэта не лічылася непрыстойным. І толькі падыйшоўшы зусім блізка да дзіўнай кампаніі і таксама зірнуўшы праз плячо на экран, можна было ўбачыць, што перад вамі насамрэч не парослая травой паляна, якая пераходзіць у Свіслач і ўпіраецца ў гмах “дома Чыжа”, а старадаўняя царква, што размяшчалася некалі на мінскім замчышчы.

Вось яна – дапоўненая рэальнасць: пад аповед экскурсавода можна не толькі ўяўляць, як некалі выглядаў Мінск, але і бачыць яго адметныя збудаванні на ўласныя вочы на тых месцах, дзе яны стаялі, і, што важна, у натуральным памеры.

Такім чынам, утаропіўшыся ў тэлефоны, наведвальнікі эксперыментальнай Фэстаўскай вандроўкі пазнаёміліся і з царквой на замчышчы, і з халоднай сінагогай на Нямізе, і з касцёлам Тамаша Аквінскага (сучасны Палац Рэспублікі), і з лютэранскай кірхай (стаяла на месцы сённяшняга выхаду са станцыі метро Купалаўская на праспект), і з першай вадацяжнай вежай (месцілася на цяперашняй Кастрычніцкай плошчы), і з царквой Архіерэйскага падвор’я (Дом афіцэраў), а таксама з палацам прагрэсіўнага мінскага кіраўніка пачатку ХХ стагоддзя Яна Караля Чапскага (цяпер на яго месцы Адміністрацыя прэзідэнта). Усяго распрацоўшчыкі дадатка стварылі 14 аб’ектаў, і не збіраюцца спыняцца. А мы можам толькі парадавацца калі не рэальнаму, то хаця б віртуальнаму аднаўленню культурных каштоўнасцяў Мінска.

Адсутнасць iPhone не перашкодзіла экскурсантам прыйсці на вандроўку
Адсутнасць iPhone не перашкодзіла экскурсантам прыйсці на вандроўку
Так выглядала царква на мінскім замчышчы
Так выглядала царква на мінскім замчышчы
Экскурсавод Іван Сацукевіч
Экскурсавод Іван Сацукевіч
Вадзім - адзін з распрацоўшчыкаў мабільнага дадатку
Вадзім – адзін з распрацоўшчыкаў мабільнага дадатку
Экскурсанты ўглядаюцца ў абрысы касцёла св. Тамаша Аквінскага
Экскурсанты ўглядаюцца ў абрысы касцёла св. Тамаша Аквінскага
На Кастрычніцкай плошчы да 1952 года стаяла вадацяжная вежа
На Кастрычніцкай плошчы да 1952 года стаяла вадацяжная вежа
Палац Чапскіх
Палац Чапскіх
  • 36
  • 6
  • 5
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Пакінуць каментар

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *