У гэта складана паверыць, але факт: у сталіцы цяпер можна ўбачыць і касцёл Тамаша Аквінскага з кляштарам дамініканцаў, і халодную сінагогу, і палац Чапскіх, і яшчэ з дзясятак іншых страчаных архітэктурных шэдэўраў. Для гэтага дастаткова мець iPhone 6, на які трэба ўсталяваць бясплатны дадатак Chronosphere. Далей усё проста: наводзіце мабільную прыладу на месца, дзе некалі размяшчаўся гістарычны аб’ект, – і вось ён перад вамі.
Вандроўка, якую 20 красавіка ў межах Фэста экскурсаводаў правёў вядомы гісторык Іван Сацукевіч, дужа нагадвала “лоўлю пакемонаў”, што гады з два таму захапіла падлеткаў па ўсім свеце. Збоку карціна выглядала досыць камічна: некалькі шчаслівых уладальнікаў iPhone станавіліся “ў чыстым полі” і кружыліся вакол сябе з выцягнутымі наперад рукамі, у якіх надзейна трымалі свае мабільныя прылады. Астатнія экскурсанты прытанцоўвалі ў іх за спінамі і стараліся зірнуць на экран цераз плячо – і гэта не лічылася непрыстойным. І толькі падыйшоўшы зусім блізка да дзіўнай кампаніі і таксама зірнуўшы праз плячо на экран, можна было ўбачыць, што перад вамі насамрэч не парослая травой паляна, якая пераходзіць у Свіслач і ўпіраецца ў гмах “дома Чыжа”, а старадаўняя царква, што размяшчалася некалі на мінскім замчышчы.
Вось яна – дапоўненая рэальнасць: пад аповед экскурсавода можна не толькі ўяўляць, як некалі выглядаў Мінск, але і бачыць яго адметныя збудаванні на ўласныя вочы на тых месцах, дзе яны стаялі, і, што важна, у натуральным памеры.
Такім чынам, утаропіўшыся ў тэлефоны, наведвальнікі эксперыментальнай Фэстаўскай вандроўкі пазнаёміліся і з царквой на замчышчы, і з халоднай сінагогай на Нямізе, і з касцёлам Тамаша Аквінскага (сучасны Палац Рэспублікі), і з лютэранскай кірхай (стаяла на месцы сённяшняга выхаду са станцыі метро Купалаўская на праспект), і з першай вадацяжнай вежай (месцілася на цяперашняй Кастрычніцкай плошчы), і з царквой Архіерэйскага падвор’я (Дом афіцэраў), а таксама з палацам прагрэсіўнага мінскага кіраўніка пачатку ХХ стагоддзя Яна Караля Чапскага (цяпер на яго месцы Адміністрацыя прэзідэнта). Усяго распрацоўшчыкі дадатка стварылі 14 аб’ектаў, і не збіраюцца спыняцца. А мы можам толькі парадавацца калі не рэальнаму, то хаця б віртуальнаму аднаўленню культурных каштоўнасцяў Мінска.







